
Рыхтуемся да паездкi загадзя
Каб сутаргава не разбiрацца са спосабам аплаты непасрэдна ў маршрутцы, вывучаю яго загадзя. Для пачатку спампоўваю ў Play Market (доступ у App Store таксама ёсць) дадатак «Оплати» — працэс займае лiтаральна 30 секунд. Далей дзейнiчаем па iнструкцыi. «Для стварэння электроннага кашалька неабходныя вашы пашпартныя даныя» — апавяшчае мяне дадатак i просiць увесцi 14 знакаў iдэнтыфiкацыйнага нумара пашпарта. Затым на мабiльны прыходзiць СМС з кодам пацвярджэння, i адкрываецца новае акенца — просяць прыдумаць пароль. «Яшчэ крыху, i мы завершым!» — абяцае паведамленне, якое паяўляецца раптам. Цiкава, як распрацоўшчыкi здагадалiся, што я ўжо прытамiлася ўводзiць свае даныя?

Усё атрымалася з першага разу — дадатак перакiдвае мяне на галоўную старонку, дзе ў вочы кiдаецца выдзеленая тлустым лiчба «0 рублёў». Як жа папоўнiць баланс? Гэта яшчэ адзiн займальны квэст: уводжу нумар банкаўскай карты, тэрмiн дзеяння, CV-код i сваё iмя, а таксама суму, якую хачу залiчыць на рахунак дадатку. Загадзя ведаю, што паездка ў маршрутцы каштуе 2 рублi — на столькi i папаўняю вiртуальны кашалёк. Iмгненне — i грошы на рахунку: я гатовая падарожнiчаць!

Тэхналогii ў справе
Падыходжу да стаянкi маршрутак насупраць Камароўскага рынку i ўжо здалёк шукаю вачыма машыну № 1077 са спецыяльнай наклейкай на борце. Пашанцавала: патрэбнае аўто якраз збiрае пасажыраў. Застацца незаўважанай не атрымлiваецца: некалькi пажылых жанчын зацiкаўлена сочаць за маiмi манiпуляцыямi з тэлефонам, а адна з iх нават просiць усталяваць ёй дадатак. Выканаўшы свой грамадзянскi абавязак (гэта амаль як перавесцi бабулю праз вулiцу), наводжу свой смартфон на плакат з QR-кодам. Сканер спрацоўвае маментальна: нацiскаю на кнопку «Оплатить», з рахунку спiсваецца 2 рублi, а я атрымлiваю свой электронны чэк з датай, часам пакупкi i маршрутам. Проста зараз магу паказаць яго вадзiцелю, але ў гэтым няма неабходнасцi:
— У мяне ёсць смартфон з дадаткам: уваходжу пад лагiнам «Контролёр» i бачу колькасць пасажыраў, якiя аплацiлi праезд на кожным канкрэтным прыпынку. А яшчэ дадатак адлюстроўвае статыстыку за ўсю рабочую змену або за адзiн рэйс, — кажа вадзiцель Сяргей. — Працаваць так пакуль вельмi нязвыкла: за сёння праз дадатак паездку аплацiлi толькi некалькi маладых рабят. Людзi ва ўзросце на гэтыя коды нават не звяртаюць увагi: iм больш камфортна па-старому, наяўнымi. Добра, што так разлiчвацца таксама можна. Думаю, людзi пачытаюць, паглыбяцца i будуць выкарыстоўваць новы сэрвiс.


КАМПЕТЭНТНА
Андрэй Iларыёнаў, намеснiк дырэктара ДУ «Сталiчны транспарт i сувязь»:

[email protected]