
Сырнікі ў нашай краіне традыцыйна гатуюць на сняданак дома. А яшчэ іх можна знайсці ў меню практычна кожнага сталічнага кафэ. Праўда, там большасць сырнікаў па складзе аднолькавыя, адрозненне будзе хіба што па форме, падачы і дабаўках, якія ідуць да іх упрыкуску (ад свежых ягад і арэхаў да ўсялякіх соусаў і сіропаў).
Колькі б ні каштавала сырнікі ў пунктах грамадскага харчавання, мяне не пакідае жаданне параўнаць іх з тымі, што гатавалі ў сельскім дзіцячым садку, куды я хадзіла чвэрць стагоддзя таму. Яны былі не проста смачнымі, у іх была надзвычай цікавая рэцэптура і непаўторны смак. На жаль, жанчына, якая выпякала тыя сырнікі для маленькіх жыхароў нашай вёскі, не так даўно памерла. Але ў многіх засталася памяць пра яе штодзённыя кулінарныя шэдэўры. Паспрабуем іх паўтарыць?
Сакрэтны ігрэдыент — звычайная морква. Раю браць тую, што вырошчваюць фермеры Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Яны ў гэтай справе дасягнулі значных поспехаў. Іх гародніна і ў маі застаецца сакавітай і салодкай. Да таго ж яе можна набыць у многіх магазінах.
Вам спатрэбіцца:Моркву мы абавязкова адварваем да мяккасці. Так яна лягчэй засвойваецца арганізмам, мае мяккі смак, а яшчэ ў такім стане яна добра замешваецца ў цеста. Што цікава, падчас варкі ўзровень антыаксідантаў у моркве можа нават павялічыцца: яны становяцца больш біядаступнымі.
♦ тварог (5 або 9 % тлушчу) — 450 г
♦ морква — 300 г
♦ мука — 5–7 ст. л.
♦ яйка — 1 шт.
♦ цукар — 2–3 ст. л.

Калі гародніна астыне, яе трэба аблупіць і надзерці на дробнай тарцы. Тварог можна прабіць блэндарам для больш лагоднай тэкстуры, а можна і не рабіць гэтак — тут каму як больш падабаецца. Бяром моркву і тварог, убіваем яйка, дадаём муку і цукар. Усё добра замешваем. Цеста не павінна быць занадта крутым, але трэба, каб яно трымала форму. Пры неабходнасці можна дадаваць муку. Аддзяляем ад масы невялічкія кавалачкі цеста і рукамі фармуем з іх шарыкі, затым абвальваем у муцэ. Крыху сплюшчваем, каб атрымалася шайба. Выкладваем на разагрэтую патэльню, змазаную алеем. Смажым з двух бакоў да залацістага колеру.
Падаём на стол са смятанай або любімым варэннем.
[email protected]